Доты Полацкага ўмацаванага раёна

Самай распаўсюджанай была аднапавярховая двух- ці трохамбразурная агнявая кропка тыпу «М». Таўшчыня яе жалезабетонных сцен дасягала 130-150 см, а дахі – 90-110 см, што абараняла ад фугасных снарадаў дывізіённых гаўбіц калібру 105-155 мм, а больш цяжкай артылерыі патэнцыяльны праціўнік на заходнім напрамку – Польшча – да пачатку 1930-х гг. не меў зусім і толькі к 1936 г. набыў 12 чэшскіх 220-міліметровых марцір. Уваход у дот рабіўся ззаду і закрываўся крацістымі дзвярыма. За ім размяшчаўся П-падобны калідор, які называўся «скрознікам» і рабіўся так, каб не ствараць тупік для ўзрыўной хвалі, каб яна не выбівала дзверы і засланкі амбразур унутранай абароны. Часам калідор быў Г-падобным з расшыральнай шчылінай. З калідора дзверы, часам бранявыя, часцей – дубовыя, абшытыя стальным лістом, вялі ў супрацьхімічны тамбур і ўжо з яго, праз яшчэ адны дзверы, можна было трапіць унутр гэтага агнявога збудавання, у баявы каземат.

Часта і баявы каземат падзяляўся бетоннымі перагародкамі на адсекі. Столь і сцены звычайна пакрываліся супрацьадкольнай абшыўкай – плоскімі ці хвалістымі тонкімі стальнымі лістамі або сеткамі. Часам на дахах кулямётных дотаў устанаўлівалі металічны каркас для маскіровачнай сеткі. На некаторыя доты наносілі камуфляж – чорныя і зялёныя плямы. Але дот – гэта складанае інжынернае збудаванне. Тут быў і вадаправод, звычайна ад знешняй сеткі, хоць некаторыя доты мелі ўласныя калодзежы ці свідравіны. Было таксама электразабеспячэнне - нізкавольтнае, таксама ад знешняй сеткі. Тэлефон (тыпу УНА-І для лінейных кропак, і дадаткова да яго УНА-Ф для сумешчаных з НП ці КП, а таксама адпаведныя камутатары і іншае абсталяванне правадной сувязі), радыёстанцыя тыпу 6ПК з блокам сілкавання (на НП і КП – належала дзве радыёстанцыі, але на практыцы, з-за недахопу, радыёстанцыі ў лінейных дотах не ўстанаўліваліся, а на НП і КП – па адной), унутраныя перагаворныя трубы. Для назірання – перыскопы. Само сабой, было таксама і фільтра-вентыляцыйнае абсталяванне: газавы фільтр-паглынальнік з вентылятарам і яшчэ адзін вентылятар для адсмоктвання парахавых газаў.

Узбраенне дота
Кулямётныя доты ўзбройваліся «максімамі», але яны значна адрозніваліся ад пяхотных «максімаў» на калёсных станках. Казематная кулямётная ўстаноўка складалася з амбразурнага кораба, спецыяльнага кулямётнага станка, гільзазборнага мяшка і зліўнога бака для вады з кажуха кулямёта. Амбразурны кораб мог закрывацца бронезасланкай, а з унутранага боку - спецыяльным газанепранікальным гнуткім чахлом-абцюратарам з герметычнымі манжэтамі для ствала і назіральным шклом, што дазваляла весці бой ва ўмовах прымянення хімічнай зброі. Стрэляныя гільзы праз адтуліну ў паваротнай бэльцы станка і спецыяльны патрубак скідваліся ў замацаваны пад бэлькай гільзазборны мяшок. Вентылятар адсмоктваў парахавыя газы з гільзазборных скрынак і ствольных каробак кулямётаў, іначай праз некалькі хвілін бою ў доце не было б чым дыхаць. Ахалоджваліся кулямёты цэнтралізавана, вадой з расходнага бака па трубах і шлангах, а са зліўных бакаў ручным насосам вада закачвалася ў расходны бак. Станкі мелі адкідныя сядзенні.
Акрамя таго, для бліжняй абароны меліся адзін-два ручныя кулямёты.

Гарнізон такой агнявой кропкі па штату складаў 10-12 чалавек, і, трэба сказаць, было ім не намнога прасторней, чым у танку.

Акрамя тыпу «М», будавалі таксама кулямётныя доты тыпу «Б», якія адрозніваліся наяўнасцю памяшканняў для адпачынку гарнізона, які дасягаў 20 чалавек. Звычайна гэтыя агнявыя кропкі былі двухпавярховыя (толькі пры высокім узроўні грунтавых вод – аднапавярховыя), другі паверх – падземны – з'яўляўся і газасховішчам. Безумоўна, у параўнанні з тыпам «М» гэта былі больш дасканалыя збудаванні, але абыходзіліся яны значна даражэй і было іх нямнога.

Акрамя апісаных, мелася невялікая колькасць аднаамбразурных кулямётных дотаў з аблегчанай абаронай і спрошчаным абсталяваннем, якія выкарыстоўваліся для прыкрыцця зон, што не прастрэльваліся з асноўных збудаванняў.

Назіральныя і камандныя пункты па знешняму выгляду не адрозніваліся ад кулямётных дотаў, што было выгадна з пункту гледжання маскіроўкі. А ўнутры абсталёўваліся другім перыскопам і дадатковымі сродкамі сувязі.