Будаўніцтва Полацкага ўмацаванага раёна

Пры будаўніцтве Полацкага ўмацаванага раёна актыўна выкарыстоўваліся вынікі дзейнасці ваенных інжынераў пад Полацкам у 1919-1920 гг., якія паслужылі асновай для вызначэння ўчасткаў будаўніцтва батальённых раёнаў Полацкага ўмацаванага раёна.

Неабходнасць будаўніцтва Полацкага УРа была выклікана своеасаблівасцю геаграфічнага становішча горада, праз які праходзілі важнейшыя транспартныя камунікацыі. Акрамя таго, каля Полацка размяшчаліся зручныя пераправы праз Заходнюю Дзвіну.

Падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве Полацкага УРа пачаліся ў 1927 г.
Праектаваннем займаўся аддзел капітальнага абароннага будаўніцтва Ваенна-будаўнічага ўпраўлення Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА). Адным з памочнікаў начальніка аддзела быў ваенны інжынер Іван Восіпавіч Бялінскі. План абаронных работ Беларускай ваеннай акругі на 1927-1928 гг. прадугледжваў пабудову ў Полацкім умацаваным раёне 40 агнявых кропак: паўночна-заходні сектар (раён Баравухі-1) – 24; перадмостныя пазіцыі (раён Чарнаручча) – 16. Акрамя гэтага, планавалася пабудаваць назіральныя пункты, дарогі, лініі сувязі. У 1928 г. былі пабудаваны першыя чатыры доты перадмостнай пазіцыі на правым беразе Заходняй Дзвіны, у непасрэднай блізкасці ад горада. Гэтыя агнявыя кропкі прыкрывалі дарогі, якія вялі ў Полацк: на поўдзень – з Лепеля, з паўднёвага захаду – чыгунка з Маладзечна, з захаду – дарога з Дзісны. Ля мястэчак Экімань і Ксты размяшчаліся аднапавярховыя агнявыя кропкі з пяццю амбразурамі. Агнявыя кропкі каля м. Чарнаручча і н.п. Вяснянка будаваліся па праекце Івана Восіпавіча Бялінскага. Яны былі двухпавярховыя і мелі восем амбразур, размешчаных у два ярусы.

У рэкагнасцыроўцы абарончых палос Полацкага ўмацаванага раёна прымалі ўдзел начальнік штаба РСЧА А.І. Ягораў і начальнік інжынерных войск РСЧА Мікалай Мікалаевіч Пецін. Будаўніцтвам УРа непасрэдна займаліся буйнейшы знаўца гэтага тэатра ваенных дзеянняў Міхаіл Мікалаевіч Тухачэўскі і камандуючы Беларускай ваеннай акругай Іеранім Пятровіч Убарэвіч. Далейшы лёс названых военачальнікаў аказаўся трагічны – усе яны былі залічаны ў ранг здраднікаў Радзімы і расстраляны.

Першым камендантам умацаванага раёна ў 1928 г. стаў вядомы сваёй храбрасцю ўдзельнік грамадзянскай вайны Іван Іванавіч Раўдмец. У 1930 г. быў назначаны новы камендант – Фёдар Пятровіч Каўфельдт. (Лёс першых двух камендантаў Полацкага УРа быў тыповы для камандзіраў той пары. І.І. Раўдмец стаў «ворагам народа» і быў расстраляны ў 1938 г. Камдыў Ф.П. Каўфельдт быў арыштаваны ў 1938 г. і абвінавачаны ў прыналежнасці да ваеннай трацкісцкай арганізацыі. У гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі Каўфельдт з'яўляўся блізкім сябрам М.М. Тухачэўскага. У 1940 г. за недаказанасцю віны яго справа была прыпынена, і ён выйшаў на свабоду). З 1931 па 1933 г. кіраўніцтва ўмацаваным раёнам ажыццяўляў К.Я. Варэс.

Эканамічнае становішча краіны было цяжкім, і выканаць планы ў назначаны тэрмін не ўдалося. Толькі восенню 1929 г. Рэўваенсавет знайшоў магчымасць фінансаваць работы. У 1930 г. было ўзведзена 47 збудаванняў, але ад першапачатковых праектаў адмовіліся і будавалі ўжо на іншых рубяжах. У 1932 г. будаўніцтва было ў асноўным завершана. У наступныя гады праводзілася работа па ўдасканаленні УРа. Для таго, каб у выпадку неабходнасці весці баявыя дзеянні ў паласе ўмацаванага раёна, патрабаваліся спецыяльна падрыхтаваныя войскі. І ў 1936 г. у Полацку з гэтай мэтай фарміруецца 50-я стралковая дывізія. У 1938 г. агнявая сістэма Полацкага УРа налічвала 263 кулямётныя агнявыя кропкі на 452 станковыя кулямёты і 10 супрацьтанкавых агнявых кропак, узброеных 45-міліметровымі гарматамі ў вежах танкаў Т-26. Акрамя дотаў, ва ўмацаваным раёне меліся збудаванні для кіравання, сістэмы сувязі, склады боепрыпасаў, сховішчы для вайсковых падраздзяленняў і баявой тэхнікі, прадугледжвалася сістэма загарод, траншэй, укрыццяў. У пагражальны перыяд, гэта значыць перыяд, які папярэднічае пачатку ваенных дзеянняў, меркавалася заняць паласу УРа часцямі дзвюх стралковых дывізій і карпусной артылерыяй. Абарончая паласа складалася з 11 батальённых і 2-х ротных раёнаў. Полацкі УР складаўся з 4-х вузлоў абароны. Працягласць УРа па фронту складала 56 км. Глыбіня «бетоннага пояса» на галоўных напрамках (Бігосаўскім ля Баравухі-1 у паўночным сектары і Ветрынскім ля Фарынава ў паўднёвым сектары) дасягала 5 км, а на другарадных – каля 2 км. Найменшая адлегласць да мяжы складала 4 км.

У 1939 г., у сувязі са змяненнем дзяржаўнай мяжы, было вырашана баявыя збудаванні, якія засталіся ў тыле УРаў, закансерваваць. Пры гэтым планавалася разгарнуць будаўніцтва 20-ці УРаў на новай дзяржаўнай мяжы. 17 верасня 1939 г. войскі РСЧА ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. У іх складзе былі 5-я і 50-я стралковыя дывізіі Полацкага гарнізона. Такім чынам, умацаваны раён пазбавіўся дывізій прыкрыцця. Вопыт Другой сусветнай вайны, якая пачалася ў 1939 г., паказаў магчымасць глыбокіх прарываў рухомых войск праціўніка. І вясной 1941 г. Галоўны ваенны савет краіны пастанавіў старыя УРы захаваць як рубяжы аператыўнай абароны і ўтрымліваць іх у баявой гатоўнасці. Мабілізацыйная гатоўнасць устанаўлівалася «Ч+10 дзён». На жаль, далёка не ўсе старыя УРы к пачатку Вялікай Айчыннай вайны былі гатовыя к бою.